Праз 11 гадоў пасля забойства студэнта-гея ў ЗША прынялі закон, паводле якога нянавісць да сэксуальнай арыентацыі, калі на гэтай глебе ўчынена злачынства, стала адносіцца да абцяжваючых віну абставінаў. А ці выкліча змены ў заканадаўстве Беларусі смерць Міхаіла Пішчэўскага?

Рыдыё Свабода пагутарыла з Вячаславам Бортнікам — старшынёй Каардынацыйнай групы па Эўразіі ў Міжнароднай Амністыі ЗША. Ён расказаў Свабодзе, як абароненыя правы ЛГБТ-меншасцяў у ЗША і якія захады павінны зрабіць улады Беларусі, каб абараніць людзей з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

— Як на сітуацыю са смерцю збітага гея зрэагавалі б у Амерыцы?

— Адназначна гэта б выклікала неадкладную рэакцыю шматлікіх ЛГБТ-арганізацыяў, было б шмат шуму ў СМІ. Калі б у ЗША да гэтага моманту не існавала заканадаўства аб злачынствах на глебе нянавісці, якое ўключае таксама сэксуальную арыентацыю і гендэрную ідэнтычнасць, цалкам магчыма, што гэтая падзея паслужыла б каталізатарам да прыняцця такога закону.

— І як сёння абароненыя правы ЛГБТ-меншасцяў у Амерыцы ў параўнанні з Беларуссю?

— Хоць беларускае правасуддзе так і не лічыць, але справа Мішы Пішчэўскага — яркі прыклад злачынства на глебе нянавісці з прычыны сэксуальнай арыентацыі. У Беларусі сэксуальная арыентацыя і гендэрная ідэнтычнасць пацярпелага не разглядаюцца як акалічнасці, якія абцяжарваюць віну.

Доўгі час падобнае становішча захоўвалася і ў ЗША. Да 2009 году Федэральны закон аб злачынствах на глебе нянавісці (ад 1969 году) не ўключаў нянавісць да сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці як абцяжваючы фактар. Абама падпісаў Акт Мэт’ю Шэпарда ў кастрычніку 2009 году.

Гісторыя Мэт’ю Шэпарда шмат у чым нагадвае Мішаву. 22-гадовага студэнта Ўніверсітэту Ваёмінг жорстка збілі два аднагодкі. Потым яны пакінулі Мэт’ю паміраць на пустцы за горадам. Мэт’ю памёр у шпіталі праз шэсць дзён з прычыны сур’ёзных пашкоджанняў чэрапа. Спатрэбілася не адна смерць прадстаўніка ЛГБТ, каб закон у іх абарону быў прыняты.

Я ганаруся тым, што ў той жа год мне давялося праходзіць стажыроўку ў Майкла Лібермана ў «Лізе супраць паклёпу» (Anti-Defamation League) — праваабарончай арганізацыі, якая згуляла адну з вядучых роляў у прасоўванні Акту. Даводзілася мне сустракацца і з бацькамі Мэт’ю, якія пасля смерці сына ўсе свае сілы і час аддаюць актывізму за правы ЛГБТ.

Верагодна, і Беларусі трэба прайсці гэты шлях. Напрыклад, у ЗША па законе ФБР займаецца адсочваннем злачынстваў на глебе нянавісці з прычыны сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці. Яны рэгулярна публікуюць такую статыстыку.

Пры гэтым я не скажу, што ў ЗША ўсё добра з гэтым. Сярод нядаўніх прыкладаў — забойства трансгендэрнай жанчыны ў Сан-Францыска ў лютым і студэнта ў Мічыгане ў красавіку гэтага году.

Чытаць матэрыял поўнасцю.