Марш «Салідарнасці і кахання» прайшоў сёння каля галоўнага корпуса БДУ. Сваім удзелам падтрымалі гэтую акцыю і актывісты МСД-МГ.

Студэнты патрабавалі адмены платы за пераздачы, якая была нядаўна ўведзена рашэннем рэктарата БДУ. Дарэчы, у 13.30 павінна была адбыцца сустрэча з Сяргеем Абламейкай, рэктарам навучальнай установы, але яна была адмененая. Быццам бы з «боязні правакацый».

Як стала вядома з пэўных крыніц, адміністацыя БДУ актыўна запалохвала навучэнцаў «праблемамі з вучобай і адлічэннямі», але нягледзячы на гэта, удзельнікаў акцыі сабралося некалькі дзясятаў чалавек. Плюс багата было людзей у цывільным. «Байцы нябачнага фронту» – сталыя ўдзельнікі любой масавай акцыі ў Беларусі – ніяк не змаглі застацца ў баку ад такой падзеі.

Пасля збора ў Міхайлаўскім скверы ўдзельнікі марша прайшлі да корпуса факультэта міжнародных адносін і хацелі з боку вуліцы Бабруйскай папасці на тэрыторыю ўнутранага дворыка, дзе знаходзіцца рэктарат, але іх туды не прапусцілі. Маўляй, з учорашняга дня загадам рэктара на тэрыторыі БДУ нельга знаходзіцца без падцвярджаючых дакументаў – залікоўкі ці студэнцкага білета. Супадзенне? Не думаю.

Дзверы на фізфак і ў галоўны корпус былі ўвогуле зачыненыя.

Каля галоўнага корпуса студэнты разгарнулі стары савецкі дыван і скандавалі: «Рэктарат – на дыван!» Але, чамусьці, з адміністарцыі вну да іх ніхто не выйшаў. Затое з’явілася міліцыя і пачала перапісваць удзельнікаў. На некаторых складаліся пратаколы. Тых, хто трымаў плакаты, спрабавалі затрымаць, але неяк павольна, без азарту, таму нічога не атрымалася. Відаць, загаду на жорсткія рашучыя дзеянні з боку праваахоўных ворганаў не было.

За акцыяй, што праходзіла ўнізе, з-за шыбаў БДУ моўчкі назіралі іншыя студэнты.

Паступова ўдзельнікі маршу разыйшлыся. Ці будзе працяг?..