29 кастрычніка ў Мінску на праспекце Незалежнасці каля будынку КДБ пройдзе акцыя «Ланцуг памяці». Былыя кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў заклікалі прыйсці са свечкамі. Каля будынка ўжо дзяжураць аўтазакі. 

Акцыя пачнецца ў 18:30, напісаў у фэйсбуку Мікалай Статкевіч.

«Мэта акцыі — нагадаць пра злачынствы сталінізму супраць беларускага народу і спыніць новыя злачынствы сучасных пераемнікаў катаў з НКВД. Вельмі важна шанаваць пахаванні ахвяраў рэпрэсіяў. Але калі мы будзем палохацца нават прыйсці са свечкамі да месцаў, дзе іх катавалі і асуджалі на смерць, то будуць з'яўляцца новыя пахаванні», — падкрэсліў Мікалай Статкевіч.

Ён звярнуўся да ўдзельнікаў з просьбай не браць з сабой ніякіх сцягоў ці плакатаў, а прыносіць толькі свечкі ці лампадкі.

Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку нагадвае, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя 132 (столькі вядома на сённяшні дзень) беларускія паэты, пісьменнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі.

«29 кастрычніка а 18:30 збіраемся каля будынку КГБ, каб ушанаваць іх памяць. Многія пытаюць: што браць з сабой? Сцягі, харугвы? Не. Толькі свечкі, лампадкі. Не будзе мітынгу, не будзе прамоўцаў і прамоў. Хвіліна маўчання. Даніна памяці. Яшчэ пытаюць, як быць з законам «больш за трое не збірацца»? У нармальнай краіне не можа быць законаў, якія б забаранялі ўшанаваць памяць загінулых. Родных і блізкіх. Па крыві, па духу. Запаліць свечкі там, дзе іх не стала. Замінаць гэтаму могуць толькі дзікуны. Такія ж, якія стралялі ў патыліцы паэтам у 37-м.

Сённяшнія супрацоўнікі КГБ кажуць, што яны — не тыя. Іншыя. Калі так, дык няхай выйдуць да нас не з дубінкамі, а са свечкамі — і стануць разам з усімі ў ланцуг памяці. Толькі тады можна будзе паверыць, што ў нашай краіне нешта можа змяніцца. А пакуль на могілках, дзе пахаваныя ахвяры жудасных сталінскіх рэпрэсіяў, будуюцца дамы для забаў, а да помніка «жалезнаму Феліксу», аднаго з сімвалаў тэрору, ускладаюцца кветкі, паверыць у змены цяжка. Увогуле немагчыма, бо, як сведчыць досвед іншых краін і народаў, з гэткай жахлівай мінуўшчыны можна выйсці толькі праз ачышчэнне, праз пакаянне», — адзначае Някляеў.

Глядзець трансляцыю тут. 

Арыгінал тут.