У жніўні актывісты МСД-МГ прынялі ўдзел у семінары па гендарнай тэматыцы, які праходзіў у Нарвегіі. Нагадаем, што гэта ўжо другая частка з серыі гендарных семінараў, пра першую мы падрабязна пісалі на нашым сайце.

Акрамя прадстаўнікоў «Маладой Грамады» у мерапрыемстве ўдзельнічалі чальцы YSG (Грузія) і AUF (Нарвегія). Осла сустрэў гасцей камфортным сонечным надвор’ем і прарэзлівым гоманам чаек.

Падчас візіту абмяркоўвалася роля жанчыны ў сучаснай палітыцы, актуальныя палітычныя падзеі ў Беларусі і Грузіі. Прадстаўнікі МСД-МГ падрыхтавалі прэзентацыю наконт грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, у якой было сабрана шмат звестак і фактаў, каб нарвежцы і грузіны больш дакладна ўявілі праблемы беларускага грамадства. Замежнікі вельмі здзівіліся, калі пачулі пра прыняты ў нас «падатак на дармаедаў». Не абыйшлі ўвагай і перадвыбарчую сітуацыю ў РБ, а таксама асаблівасць цяперашняй прэзідэнтскай кампаніі – ўдзел жанчыны ў якасці прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. 

Беларускія і грузінскія актывісты актыўна паўдзельнічалі ў раздачы ўлётак і промапрадукцыі, якія рэкламавалі кандыдата, падтрымліваемага AUF. Гэта была выдатная магчымасць пагутарыць з простымі нарвежцамі. Варта адзначыць, што жыхары краіны ф’ёрдаў – спагадлівыя, пазітыўныя і ўсмешлівыя людзі. Нядобразычлівымі да гасцей былі толькі кошты ў крамах горада.

Нарвежцы распавялі, што нават у іх мегапрагрэсіўным грамадстве па-ранейшаму захаваліся некаторыя стэрэатыпы наконт ролі жанчыны ў палітыцы, не ўсе гендарныя праблемы яшчэ пераадоленыя, але нарвежскае грамадства рухаецца ў правільным накірунку да ўсеагульнай гендарнай роўнасці. 

У хуткім часе ўдзельнікі гэтага адукацыйнага візіту правядуць для сваіх калегаў трэнінгі і семінары на гендарную тыматыку, так як абавязковай умовай удзела ў мерапрыемстве з’яўляецца перадача атрыманых ведаў беларускай грамадзянскай супольнасці. Як гаварылі старажытныя мудрацы: «Той, хто нясе веды, бессмяротны у вяках».