Актывісты МСД-МГ прынялі ўдзел у трэцяй, заключнай, частке з серыі семінараў на гендарную тэматыку.

Нагадаем, што пра першае і другое мерапрыемствы, якія праходзілі ў Грузіі і Нарвегіі адпаведна, мы пісалі на сайце. Як і ў мінулыя разы акрамя чальцоў нашай арганізацыі ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі YSG (Грузія) і AUF (Нарвегія).

Семінар праходзіў у ненапруджаным, добразычлівым рытме, але разам з тым было прадстаўлена і абмеркавана шмат карыснай, сур’ёзнай інфармацыі. Так, напрыклад, уразіла сітуацыя з гвалтам у грузінскіх сем’ях. Гэтая тэма да апошняга часу не выносілася на шырокае абмеркаванне, але за мінулы год было зафіксавана 24 выпадкі забойства жанчын у сям’і, што, безумоўна, прыцягнула ўвагу грамадства да праблемы. Для прадухілення падобных выпадкаў грузінскімі сацыялістамі распрацоўваюцца прапановы для ўрада па рэфармаванні адпаведнага заканадаўства. Актыўна праводзяцца круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў розных арганізацый, грамадскія абмеркаванні.

Сапраўдным яскравым дыяментам семінара можна з упэўненасцю назваць лекцыю літоўскага эксперта з «Цэнтра па прасоўванні роўных магчымасцяў», прысвечаную фармаванню стэрэатыпаў пад уплывам візуальных вобразаў, у прыватнасці, рэкламных. З эпохі Адраджэння ў мастацтве замацаваліся пэўныя ролі: мужчына – гэта суб’ект назірання (пазіцыя ўлады), а жанчына – аб’ект (пазіцыя падуладнага). Гэты стэрыатып паспяхова выкарыстоўвае рэклама, бо часцяком дзейнічае на ўзроўні нашай падсвядомасці. Рэклама канструюе скажоную рэчаіснасць, якая недасведчанаму чалавеку можа падацца сапраўднай. А адсюль вынікае маніпуляванне нашай свядомасцю і ўмацаванне стэрэатыпаў.

Замежныя калегі высока адзначылі і выступ прадстаўніцы МСД-МГ пра гістарычныя і сучасныя формы сям’і, якія распаўсюдзіліся за апошнія дзесяцігоддзі – грамадзянскі шлюб, гасцявы шлюб, адкрыты шлюб і г.д.

Нарвежцы і грузіны з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з настольнай гульнёй «Стэрэатыпы», распрацаванай прадстаўнікамі беларускіх жаночых НДО.

У завяршэнні ўдзельнікі семінара падзяліліся планамі на наступны год і выказалі ўпэўненасць, што падобныя сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў розных краін трэба рабіць часцей, бо гэта будзе спрыяць плённаму абмену думкамі і ідэямі паміж сацыял-дэмакратамі, узмацненню міжнароднага моладзевага сацыял-дэмакратычнага руху.