Што рабіць, калі цябе хочуць завербаваць ці ўжо завербавалі супрацоўнікі КДБ? Наш спецыяльны карэспандэнт пагутарыў з вядомай праваабаронцай Настай Лойкай.

– Як глядзіць заканадаўства на тое, што кэдэбэшнікі вярбуюць звычайных грамадзян?

– Па-першае, супрацоўнікі КДБ маюць права прыцягваць людзей да супрацоўніцтва. Гэта адна з формаў іх дзейнасці, і гэта цалкам законна. З іншага боку, людзі павінны пагаджацца на супрацоўніцтва толькі добраахвотна. Чалавек, які абсалютна асэнсоўвае, што ён робіць, падпісвае адпаведную паперу і пачынае дакладаць нейкую інфармацыю, ці рабіць тое, што яму скажуць. Але праваабаронцы на практыцы часта сустракаюцца з такой праблемай, што кэдэбэшнікі не проста прапаноўваюць супрацоўніцтва і апісваюць, наколькі гэта важна, а наўпрост пагрозамі прымушаюць людзей падпісваць гэтыя паперы. Пагражаюць крымінальным ці адміністрацыйным пераследам, звальненнем з працы, выключэннем з універсітэта. Яны знаходзяць слабыя месцы людзей. Бывае, што гэтыя пагрозы датычацца не самаго чалавека, а яго родных. КДБ мае вельмі вялікі штат, і часам яны замест пошуку рэальных злачынцаў займаюцца пераследам іншадумцаў.

– Што рабіць чалавеку, які апынуўся ў такой сітуацыі?

– Ёсць знакамітае правіла – «Не вер, не бойся, не прасі». Нельга верыць ніякім словам ці пагрозам супрацоўнікаў КДБ. Лепш за ўсё не баяцца, бо ім дастаткова цяжка будзе рэалізаваць пагрозы на практыцы, калі чалавек адмовіцца супрацоўнічаць. «Не прасі» азначае, што не варта казаць «Я вам буду рабіць гэтае, а за гэта вы мне тое». Трэба разумець, што кэдэбэшнікі працуюць не на карысць самаго чалавека, а супраць яго і яго блізкіх. Усё роўна яны будуць рабіць толькі тое, што ім выгадна, і што загадалі зверху. Аднак, я ведаю, што некаторыя людзі, арганізацыі, нават з апазыцыі, маюць так званае «узаемавыгаднае» супрацоўнацтва з КДБ. Мне здаецца, што гэта не самы эфектыўны шлях, але гэта толькі маё меркаванне. Таму, калі людзі разумеюць, што псіхалагічна па нейкіх сваіх поглядах яны не хочуць працаваць на КДБ, я бы вельмі раіла прынцыпова адмаўляцца ад гэтага.

Другі выпадак, калі ж чалавек усё-ткі падпісаў дамову ад супрацоўніцтве, сказаў, што не трэба было казаць, альбо баіцца пераследу ў выніку адмовы. Ёсць толькі адзіны эфектыўны спосаб спынення ўвагі з боку супрацоўнікаў КДБ – гэта публічнае агучванне інфармацыі аб спробах вярбоўкі. Можно проста расказаць максімальнай колькасці знаёмых, што да цябе прыходзілі і схілялі да супрацоўніцтва. Можна гаварыць аб гэтым публічна праз сацсеткі, сайты, газеты.

– А былі выпадкі, калі супрацоўнікі Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі сапраўды здзяйснялі свае пагрозы і, напрыклад, звальнялі чалавека?

– Самыя грубыя гісторыі адбываліся, калі супрацоўнікі КДБ уваходзілі ў следчую групу па рэзанансных справах. Напрыклад, у 2010 годзе выклікалі на допыты людзей, якіх падазравалі ва ўдзеле ў Плошчы, і калі чалавек прызнаваўся, што ён быў там, на яго складалі пратакол за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве і каралі арыштам на 10 сутак. Былі выпадкі, што да кіраўніцтва нейкіх арганізацый прыходзілі людзі з КДБ і раілі, каб чалавека звальнялі, але тут усё залежыць ад самаго начальніка – адразу ён выканае загад, ці спачатку паразмаўляе са сваім супрацоўнікам. Выпадкі звальнення, безумоўна, былі, але, з іншага боку, тут паўстае выбар паміж працай і супрацоўніцтвам з ворганамі на ўсё жыццё. Калі дастаткова хутка рэагаваць і даваць інфармацыю ў публічную прастору, звычайна, кэдэбэшнік не даходзяць да такіх дзеянняў.

– Што наконт выключэння з універсітэтаў, тэхнікумаў?

– Супрацоўнікі КДБ даволі часта прыходзяць ў дэканат, выклікаюць пэўнага студэнта, дэкан пры гэтым выходзіць, і пачынаецца размова, дзе яны пагражаюць выключэннем, праблемамі па вучобе. Часам, я лічу, яны могуць актыўна раіць  дэкану наглядаць за чалавекам. Тут усё залежыць ад навучальнай установы, ад дэканата, ад рэктара. Тое, што КДБ загадала, і аўтаматычна чалавека выключылі – такога няма. Усё залежыць ад шмат якіх фактараў, а ў саміх супрацоўнікаў паўнамоцтваў на выключэнне, канешне, няма.