Летні лагер МСД-МГ завяршыўся. Што цікавага было за гэтыя дні? Якім бачылі яго ўдзельнікі? Чытайце ў нашым рэпартажы.

Воля (арганізатар): «Як заўсёды, прайшло шмат цікавых семінараў, воркшопаў, мастацкіх майстар-класаў. Да нас прыязджаў форум-тэатр. Адбылася палітычная гульня на самакіраванне, размеркаванне рэсурсаў і здольнасць дамаўляцца з апанентамі.

Праваабаронцы распавялі пра правы чалавека, гуманітарны антыфашызм. «Зялёны дазор» прадставіў семінар на экалагічную тэматыку. Найбольш гарачую дыскусію і палярызацыю поглядаў выявіў семінар, прысвечаны абортам.

Прыязджала Таццяна Караткевіч. Прадстаўнікі БСДП (Грамада) на чале Ірынай Вештард правялі партыйнае паседжанне, пагутарылі з моладзю і нашымі замежнымі гасцямі, французскімі сацыялістамі.

Актыўна прайшла галоўная гульня летніка. Прадстаўнікі розных палітычных праграмаў (сацыял-дэмактары, лібералы і кансерватары) змагаліся за галасы ўдзельнікаў. СМІ выпусцілі бюлетэні па кожнаму кандыдату. У вольны ад семінараў час кандыдаты размаўлялі з выбарцамі, а ў пятніцу адбыліся дэбаты».

Наш спецыяльны карэспандэнт апытаў удзельнікаў летніка, а таксама «кандыдатаў», каб пачуць іх меркаванні.

Саша («кандыдат ад кансерватараў»): «Мы выступаем за традыцыйныя метады эканомікі, развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, падтрымку беларускай культуры. Нашым ідэалам і арыенцірам з’яўляецца Маргарэт Тэтчар.

Увогуле, летнік праходзіць вельмі пазітыўна. Мне асабліва спадабалася дыскусія наконт абортаў».

Наташа: «Атмасфера вельмі падабаецца, але нажаль, не так шмат людзей, як хацелася».

Андрэй («кандыдат ад сацыял-дэмакратаў»): «Шмат новых знаёмстваў, цікавая адукацыйная частка. Адчуваю сябе ўтульна.

Як «кандыдат» я выступаю за свабоду, роўнасць, справядлівасць. За роўныя магчымасці і сацыяльныя гарантыі для людзей. Спадзяюся, удзельнікі летніка падтрымаюць маю праграму».

Наста (прадстаўнік бацькоўскага камітэта): «Самыя маленькія жыхары нашага лагера (іх двое) добра сябе адчуваюць, яны нават пасябравалі паміж сабой. Для падтеткаў таксама створаныя ўсе ўмовы для добрага адпачынку, плюс, у іх ёсць асобнае харчаванне. Як усе падлеткі яны крыху непаслухмяныя, але нічога сур’ёзнага».

Кульмінацыяй палітычнай гульні сталі выбары, якія адбыліся ў суботу ў другой палове дня. ЦВК работала ва ўмовах сур’ёзнага грамадзянскага кантролю. Перамог кандыдат ад сацыял-дэмакратаў, ён атрымаў 49% галасоў выбарцаў. 

Увечары ўдзельнікаў летніка чакала самая цікавая частка мерапрыемства – канцэрт з дыскатэкай.