Напрыканцы лістапада ў «Арт-сядзібе» адбылася сустрэча з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім. Пра арышт, турэмнае жыццё Бяляцкага і аўтабіаграфічную кнігу «Халоднае крыло Радзімы» піша Фаіна Алізар.

«Калі б мне хто тады сказаў, што гэты перыяд няспыннага супраціву, незлічоных грамадскіх ахвяр, зламаных лёсаў працягнецца сямнаццаць, а мо і болей гадоў, я б нізашто ў гэта не паверыў»…

Так заканчваецца прадмова кнігі Алеся Бяляцкага, беларускага літаратуразнаўца, грамадскага і культурнага дзеяча, кўраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», які быў арыштаваны ў жніўні 2011 года. Быў асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011-га. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Алесь сваёй віны не прызнаў, бо ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.

«Віп-турма» на Валадарскага

Да суда Бяляцкі знаходзіўся ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Па успамінах Алеся гэтая турма была самай жорсткай. Яму не давалі спаць днём. Падымалі ў шэсць раніцы, а адбой быў у дзесяць.

«…там увогуле трымалі ўдваіх. Я і заўсёды яшчэ хтосьці адзін. Ну, як бы віп-камера, здаецца, але вялікай радасці ад гэтага, канечне, не было. Ну быў, можа быць, большы спакой. Там, яшчэ раней, на Валадарскага. Я напісаў першы тэкст…»

Пра Халоднае крыло Радзімы

«… Чаму крыло “халоднае” – зразумела. І Радзіма тут выглядае птушкай – зязюляй? Чайкай? І зязюляй, бо не глядзіць сваіх дзяцей, і чайкай, бо ў іх, калі яны ляцяць, крылы срэбныя спадыспаду, калі глядзець на яе, і адліваюць на сонцы холадам», – піша пра назву кнігі ў прадмове Паліна Сцепаненка. Халоднае крыло Радзімы тут – не проста метафара, але яшчэ і сапраўдны холад.

У лютым 2012 года праваабаронцу пераводзяць у Бабруйск.

«Перавод быў дастаткова суровы. Як паказваюць фільмы расійскія… З сабакамі, ноччу.  Са шмонам, з гэтымі калонамі… Гоняць бегам. Усе с торбамі… Стаяць, на калені, рукі за спіну! Сабакі брэшуць. Гэта проста ад. Сапраўднае пекла. І ўжо не такі расслабон, як на Валадарцы»– дзеліцца ўспамінамі Алесь.

«Осужденный, помни! Только примерное поведение приблизит день освобождения»

Такі лозунг сустракаў асуджаных на сцяне ізалятара Бабруйскай калоніі. Па словах Бяляцкага, калонія даволі вялікая. Калі ён туды «заехаў», там сядзела прыблізна 2,5 тысячы чалавек. Пасля амністыі, якія праводзілі кожны год, колькасць змяншалась, але «каля 2 тысяч чалавек там было заўсёды». Большасць асуджаных – гэта маладыя хлопцы 20-30 гадоў.

У першыя дні Алеся Бяляцкага называлі «Старым», бо ў хлапцоў была звычка называць так ўсіх, каму было больш за 40 гадоў.

«Мяне раз назвалі старым, другі раз… Меня дзёрнула. Што яны мяне старым называюць? Мне ж 48. Гэта вам здаецца, што такі возраст, і ты ужо стары. Будзе 48 – зразумееце… Калі ўжо трэці раз назвалі, я кажу: «Не, не стары. Старыя вось там, у шаснаццатым атрадзе».

А у шаснаццатым атрадзе былі «вікінгі» – пенсіянеры, інваліды. Алесь параўноўвае, што калі яны шлі, былі падобныя на вікінгаў пасля боя.

«Кто кульгае, кто без нагі, кто без рукі. Каму ўжо пад 80, і яго вядуць».

Пра тое як «прабіваюць» рэнгенам і звычайных «казлоў»

Праваабаронцу здзіўляе і зраз, з якой хуткасцю разыходзіцца інфармацыя ў калоніі. «Я не паспяваў заязджаць у Жодзіна, Бабруйск – мяне ўсе ведаюць. І… паважаюць», – адзначае ён.

У турме кожнага «прабіваюць» – глядзяць на характар, паводзіны ў розных сітуацыях. А людзям, якія сядзяць па 10-12 годоў, дастаткова дзесяць хвілін паглядзець на чалавека, і яны ўсё ведаюць, быццам бы рэнген.

Адносіліся да Алеся нармальна, але частка сакамернікаў былі «казламі» – тымі, хто ўсё, што чулі, дакладвалі ў адміністрацыю калоніі. Гэта невялічкая праслойка кіраўнікоў – брыгадзіраў, старэйшых брыгадзіраў, днявальных.

«Вось гэта частка арганізоўвае праблемы, таму што яны шчыльна супрацоўнічаюць з операддзелам. А операадзел ставіць задачу, каб палітычным зняволеным жыццё мёдам не казалася”. Ім робяць розныя правакацыі. У залежнасці ад узроста, характару, паводзінаў».

«Казлы» спрабуюць раскруціць па такому прынцыпу: малады хлопец – праз драку. Так, напрыклад, перавялі з калоніі ў турму Статкевіча. Таксама спрабуюць вывесці з сябе, зняважыць чалавека.

«Але, трэба сказаць, што мне ў нейкім сэнсе шанцавала. Бо я адчуваў, калі супраць меня пачыналі арганізоўваць нейкую кампанію па правакацыі. Парадаў тут даваць не прыходзіцца. Ёсць старая прымаўка “Не верь, не бойся, не прасі”, якая выпрацоўвае на сто адсоткаў. Не вер таму, што табе кажуць. Не трэба баяцца, калі цябе правакуюць. І не прасі: калі табе штосьці не хапае – табе гэта дадуць. А не дадуць – так абыйдзешся».

Усё мае кошт

Праваабаронца папаў у чатырнаццаты атрад, дзе працавалі швейчшыкі. Гэта былі больш-менш забяспечаныя працай людзі, якія мелі заробак.

Алесь Бяляцкі адзначае, што ўсё на зоне мае кошт. Швейшчыкі зараблялі на тым, што шылі вопратку для зняволеных, падкладкі ў абутак і г.д. Сам Бяляцкі працаваў упакоўшчыкам і на свой заробак мог купіць некалькі пачак кетчупу ці маянэзу.

Апроч асноўнай працы Алесь займаўся спортам – падцягваўся на турніках.

«Калі я спортам пачаў занімацца, нехта даклаў начальніку атрада. І ён адразу пачаў грузіць меня нейкімі дадатковымі працамі».

Пра гэта Алесь запытаўся і атрымаў дакладны адказ, што ў яго шмат вольнага часу. Але Бяляцкі не кінуў падцягвацца, а пайшоў у паліклініку.

«Дастаць картку з волі было дастаткова цяжка, але мая жонка настойліва выпісала гэтую картку. У ёй напісана, што ў меня радыкулізм».

Медсястра доўга не хацела выпісваць даведку аб неабходнасці фізічных практыкаванняў, але Бяляці быў настойлівы.

«Хутка пра мой астэахандроз даведаліся. Ад мяне адсталі, і я зноў займаўся фізічнымі практыкаваннямі».

Пра абвінавачванне і канец кратам

У сваёй кніге Алесь піша, што перыяды ў жыцці, ў якіх ён адчуваў сябе спакойна – з 1991 па 1995. І гэта з 30 год яго грамадскай дзейнасці.

«Пры такой кепскай  сітуацыі, якая склалася ў краіне перманентна на працягу апошніх гадоў, натуральна, што крымінальны пераслед мог пачацца ў кожную хвіліну, у кожны год. І тое, што магло адбыцца, – адбылося. Таму я не шкадую ні пра адзін свій крок… зроблены у плане абароны дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі».

Алесь Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014 года і адсядзеў 3 гады з 4,5.