Тыдзень студэнта, які стартаваў сёння, – выдатная магчымасць нагадаць, адкуль пайшло гэтае свята і з якімі трагічнымі падзеямі звязанае яго з’яўленне.

28 кастрычніка 1939 года ў акупаванай фашыстамі Чэхаславакіі пражскія студэнты і выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю ў гонар гадавіны заснавання Чэхаславацкай дзяржавы.

Войска акупантаў разагнала дэманстрацыю: пры гэтым быў застрэлены студэнт медыцынскага факультэта Ян Аплетал (Jan Opletal). Яго пахаванне таксама перарасло ў акцыю пратэсту, на якой былі арыштаваныя дзясяткі дэманстрантаў.

У адказ на акцыі, 17 лістапада 1939 года студэнцкія інтэрнаты Прагі і іншых буйных гарадоў Чэхаславакіі былі акружаныя фашыстамі. Больш за 1200 студэнтаў былі арыштаваныя і зняволеныя ў канцлагер. А дзявяцера актывістаў студэнцкага руху — пакараны смерцю без суда.

У той жа дзень Гітлер загадаў зачыніць усе ўніверсітэты на тэрыторыі Чэхаславакіі.

Праз два гады пасля трагічных падзеяў 17 лістапада 1941 года ў Лондане прайшла Міжнародная сустрэча студэнтаў, якія змагаліся супраць фашызму. На ёй было вырашана ў гонар загінулых штогод адзначаць гэтую дату як Міжнародны дзень студэнтаў.

Сёння ён святкуецца ў многіх краінах свету і досыць папулярны сярод студэнцкай моладзі. Амаль ніводны вну ці моладзевае аб’ядннанне не застаюцца ў баку ад гэтага свята.

Нагадаем, што арганізатарамі Тыдня студэнта ў гэтым годзе, акрамя МСД-МГ, з’яўляюцца Студэнцкая Рада, Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў, «Братство Организаторов Студенческого Самоуправления» і «Центр развития студенческих инициатив».

Падрабязней з праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.