У сакавiку ў Вільні адбыўся міжнародны круглы стол на тэму «Вынікі выбараў 2010. Выпрацоўка стратэгіі арганізацыі». Удзельнікі – сацыял-дэмакраты з розных краін – «Frі Kultur» з Даніі, Сацыял-дэмакраты з Літвы і беларускае аб'яднанне «Маладыя сацыял-дэмакраты-Маладая грамада» (МСД-МГ).

Якія памылкі дапусцілі альтэрнатыўныя кандыдаты падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010? Якім чынам можна скарыстаць іх вопыт падчас распрацоўкі праграм палітычнай дзейнасці? Як спланаваць стратэгію і тактыку дзейнасці МСД-МГ?

Падчас гарачых дыскусій і плённых абмеркаванняў былі падкрэслены наступныя памылкі і недакладнасці праграм альтэрнатыўных кандыдатаў:

1. Адсутнасць распрацаваных планаў дзеянняў у паслявыбарны перыяд;
2. Наяўнасць дрэннай PR-кампаніі гэтых праграм;
3. Адсутнасць плану дзеянняў на выпадак рызыкі (захоп апаратуры, арышт кандыдатаў і прадстаўнікоў іх штабоў);
4. Нізкі ўзровень крэатыўнасці выбарчых кампаній;
5. Адсутнасць каардынацыі штабоў членамі выбарчых камісій і назіральнікаў;
6. Адсутнасць ідэалагізаванай структуры кампаній;
7. Недастатковае выкарыстанне сацыяльных сетак.

Падчас сустрэчы былі ўсебакова абмеркаваны выбарчыя кампаніі ў розных рэгіёнах, прааналізаваны станоўчыя і адмоўныя бакі кампаній, а таксама праца штабоў кандыдатаў і ўдзел МСД-МГ у выбарах. З дапамогай літоўскіх і дацкіх калегаў быў абгавораны план працы МСД-МГ на будучыню і пераход Беларусі да дэмакратыі альтэрнатыўным шляхам – не праз выбары, а шляхам эвалюцыйнага развіцця.

Вынікам стала распрацоўка прапаноў па дзейнасці МСД-МГ. Найбольш слушныя прапановы выносіліся на агульнае абмеркаванне. І вось што атрымалася:

1. Арганізаваць «Школу лідэраў МСД-МГ»;
2. Арганізаваць падрыхтоўку дэпутатаў на мясцовыя і парламенцкія выбары;
3. Заняцца PR арганізацыі і наладкай працы інфармацыйна-аналітычнай камісіі;
4. Актывізаваць працу клубаў МСД-МГ;
5. Арганізаваць палітычныя і ідэалагічныя дэбаты з іншымі арганізацыямі;
6. Вылучэнне левага кандыдата на наступныя выбары;
7. Супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі левага толку;
8. Правядзенне сталых адукацыйных семінараў на лакальным узроўні;
9. Правядзенне рэспубліканскіх акцый.

На аснове гэтых вынікаў будзе распрацавана стратэгія арганізацыі на наступны «міжвыбарчы» перыяд.