Кіраўнік БСДП Ірына Вештард параўноўвае на ўласным вопыце выбары 20-гадовай даўніны і сённяшнія. 

У 1994 годзе адбыліся першыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У першую прэзідэнцкую кампанію я была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Станіслава Шушкевіча. Рэкамендаваў мяне ў склад давераных асоб прэзідыум партыі, на той час сябрам якога я была. 

Мной было арганізавана шмат сустрэч, на кожнай з якіх былі поўныя залі людзей. Сустрэча ў Лідзе праводзілася ў памяшканні гарвыканкама і на ёй прысутнічала не менш за тысячу чалавек. Такая ж колькасць людзей была і ў Наваградку на заводзе газавай апаратуры. Поўныя залі народу сустракалі мяне ў памяшканнях філіяла трактарнага завода ў Смаргоні і Смаргонскага райвыканкама, кінатэатры «Кастрычнік» у Астраўца, вайсковай частцы ў Гродна. 

Задаюся пытаннем — ці здольны хто зараз узгадаць, каб на сустрэчах было па тысячы і больш чалавек? Каб падобную сустрэчу можна было правесці ў дзяржаўных памяшканнях і каб дзеля гэтага не было перашкод? 

У тую выбарчую кампанію я бачыла празрысты падлік галасоў, мела магчымасць пабачыць кожны бюлетэнь, калі раптам узнікалі якія пытанні. Тады амаль не было праблем з уключэннем сябраў палітычных партый у склад выбарчых камісій. 

У 2006 годзе я ўзначальвала выбарчы штаб па Гродзенскай вобласці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Ужо тады многае стала іншым. Было шмат складанасцяў з арганізацыяй сустрэч, са зборам подпісаў, з самой сістэмай падліку галасоў і арганізацыяй назірання. На тых выбарах у дзень асноўнага галасавання я прысутнічала пры падліку галасоў на адным з выбарчых участкаў у Гродна. Тады я ўжо не мела магчымасці бачыць бюлетэні, адпаведна не мела і магчымасці нешта ўдакладняць па іх. 

У 2010 годзе падлік галасоў быў такім жа закрытым і выглядаў наступным чынам: сталы з бюлетэнямі па колу абступілі сябры ўчастковай камісіі, ціха лічылі, перасоўвалі адзін аднаму нейкія запіскі, а назіральнікі сядзелі на адлегласці і не бачылі таго, што адбывалася за тым сталом. Устаць і падыйсці бліжэй забаранялася. 

Я прысутнічала ў якасці міжнароднага назіральніка на выбарах прэзідэнта Украіны ў 2010 годзе, калі ім абралі Віктара Януковіча. У дзень падліку галасоў была на выбарчым участку ў Сумскай вобласці. Мне дазволілі быць побач каля старшыні выбарчай камісіі, і я бачыла ўсе бюлетэні. Некаторыя з іх мне дазволілі патрымаць у руках, бо ўзнікалі пытанні па іх сапраўднасці. І сёння я магу пацвердзіць, што ўсё на ўкраінскіх выбарах падлічылі адкрыта і празрыста. 

На двары ХХІ стагоддзе, і я веру, што будзе той дзень, калі я зноў, як у 1994 годзе, пабачу празрысты, адкрыты падлік галасоў і зноў упэўнена буду казаць, што важна не толькі як лічаць, але і як галасуюць!

Арыгінал тут.