Развіццё МСД-МГ у Менску і рэгіёнах, планы і поспехі, а таксама адказы на іншыя цікавыя пытанні. Сёння госць рубрыкі “Інтэрв’ю з актывістам” – намесніца старшыні па рэгіянальнай палітыцы Наста Герыловіч.

- Як ідзе прасоўванне арганізацыі ў рэгіёнах? Ці з'яўляюцца новыя чальцы МСД-МГ на перыферыі?

- Праца ў рэгіёнах у гэтым годзе ідзе лепей: больш інтэнсіўна і якасна. Мы прапануем нашым сябрам шмат магчымасцяў праз правядзенне семінараў, сустрэч, дыскусій на розныя тэмы. А таксама дапамагаем здзяйсняць іх планы праз малыя гранты ў арганізацыі. Гэта праца дала нам добры колькасны вынік у якасці новых сябраў МСД-МГ. Таму скажу так – мы маем новых актывістаў з гарадоў, у якія мы раней не былі прадстаўлены. Асабліва тут выдзяляецца Рэчыца, дзе шмат цікавых і добрых сацыял-дэмакратаў і сацыял-дэмакратак!

- Якія рэгіёны можна назваць самымі актыўнымі?

- Безумоўна, хочацца адзначыць Рэчыцу, Брэст, Менск. Яны розныя, але ўсе вельмі важныя для нас. Брэст заўсёды меў вялікую падтрымку нашай братэрскай партыі БСДП (Грамада). Гэта дае ім магчымасць атрымліваць вялікі досвед вядзення палітычных  і грамадзянкіх кампаній, бачыць знутры выбарчую працу, тым больш, што ідзе выбарчы працэс проста зараз. МСД-МГ падтрымлівае адносіны з БСДП (Грамада) і гэта яскрава відаць на дзейнасці Брэсцкага рэгіёну.

Менск заўсёды ў авангардзе працы, бо мінавіта тут праходзяць найбольш буйныя мерапрыемствы для ўсіх сяброў МСД-МГ. І тут мы сустракаемся з рознымі партнёрскімі арганізацыямі і працягваем з імі супольную дзейнасць.

- Якія планы па развіцці рэгіёнаў на восень 2015 года?

- Планы можна падзяліць на тры асноўныя напрамкі:

1. Выбары Прэзідэнта 2015. Тут нашыя сябры ўдзельнічаюць у падтрымкі кандыдаткі Таццяны Караткевіч, а таксама рыхтуюцца працаваць назіральнікамі. Сумесна са студэнцкімі арганізацыямі мы рыхтуем кампанію па суспрацьстаянню прымусоваму датэрміноваму галасаванню ва ўніверсітэтах і каледжах. Мяркую, яна дапаможа студэнтам адбіцца ад усіх «уладатрымальнікаў: ад каменданта інтэрнату да рэктара.

2. Падрыхтоўка да з’езду МСД-МГ, на якім пройдуць выбары ў Цэнтральную Раду, Выканаўчы камітэт і Цэнтральную Рэвізійную Камісію. Працы шмат, але з добрай камандай плануем усё зрабіць у час. Таму прапаную тым, хто хоча балатавацца, таксама пачаць падрыхтоўку!

3. Сустрэчы па напісанню стратэгічных планаў для кожнага рэгіёна, каб праца ўлічвала розныя асаблівасці і была скіравана на іх развіццё,а не на роўны вынік.

- Чаму, на твой погляд, у некаторых буйных гарадах і нават абластных цэнтрах назіраецца слабая актыўнасць МСД-МГ?

- Актыўнасць у палітычных арганізацыях, да якіх я, безумаўна, адношу МСД-МГ, ідзе па сінусоідзе са сваімі ўздымамі і ямамі. І зараз мы выходзім з ямы, у асноўным, праз удзел у выбарчай кампаніі і асаблівы падыход да кожнага рэгіёну. Зараз вельмі добры час зрабіць нашу Грамаду мацней: адныя выбары змяняюцца іншымі – парламенцкімі ў 2016 годзе. Заўсёды падчас выбарчых кампаній грамадзянская і палітычная актыўнасць у Беларусі расце. Лічу, што МСД-МГ за гэты і наступны год пашырыць свой уплыў. Але, з іншага боку, цяжка супрацьстаяць агульнай грамадзянскай пасіўнасці.

- Не так даўно ў "Маладой Грамады" нарэшце з'явіўся офіс у Мінске. Ці паспрыяе гэта развіццю арганізацыі?

- Гэта наша перамога! Асабліва хачу падзякаваць за такі сур’ёзны падарунак нашаму старшыне Міколе Цяцёркіну, гэта яго супер-праца!

Офіс становіцца месцам для шматлікіх пачынаньняў. І, канешне, мы спрыяем гэтаму. Там праводзяцца сустрэчы і мерапрыемствы для сяброў МСД-МГ, сустрэчы з партнёрскімі арганізацыямі. Заўсёны запрашаем БСДП (Грамада), калі ім трэба памяшканне дзеля працы. Мець свой офіс мы марылі даўно. Мары здзяйсняюцца!

Офіс – гэта наш дом. Ёсць дом – будзе праца!!!

- З якімі арганізацыямі зараз супрацоўнічае МСД-МГ? Ці плануюцца якія-небудзь супольныя праекты ў бліжэйшы час?

- Сярод нашых партнёраў камрады з вялікай колькасці Еўрапейскіх краін і краін былога СССР: з Францыі, Швецыі, Нарвегіі, Грузіі, Украіны, Расіі, Літвы, Германіі, Даніі.

У Беларусі гэта БСДП (Грамада), ЗБС, СтудРада, РАДА.

Зараз працуем над двума вельмі цікавымі праектамі: “Супрацьдзеянне прымусоваму датэрміноваму галасаванню”, пра які я казала вышэй і выданне казкі нашага старага добрага Сябра з Даніі – Майкла. Гэта казка пра Беларусь і мара пра Беларусь. Але не буду раскрываць карты. Усё ўбачым! Усё пачуем!