Крытычны погляд сталага актывіста на тое, як грамадскія і палітычныя арганізацыі могуць ператварыцца ў турагенцтвы.

Напэўна, паважаныя чытачы, вы чулі пра разнастайнасць турызму. Сапраўды, турызм бывае вельмі розным: арганізаваны і стыхійны, групавы і індывідуальны, медыцынскі і аздараўленчы, спартыўны і адукацыйны. Турыст можа падарожнічаць аўтаспынам, на машыне, караблі, цягніку, самалёце. Існуе цэлая інфраструктура, якая накіравана на тое, каб падарожжа і знаходжанне ў краіне было максімальна камфортным. Важным элементам гэтай структуры з’яўляюцца турыстычныя агенцтвы.

Але ёсць яшчэ адзін тып турызму, пра які не напісана ў разумных кнігах і вікіпедыі – грамадска-палітычны турызм. Так-так, гэта менавіта турызм. Нажаль, варта прызнаць, што шмат якія грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі разглядаюцца недобрасумленнымі людзьмі як турыстычныя агенцтвы. Людзі падаюць заяўкі і адпраўляюцца на семінары і трэнінгі, зусім забываючы, што амаль кожнае такое мерапрыемства па вяртанні патрабуе актыўнага ўдзелу чалавека ў грамадскім жыцці. Часцяком ёсць загадзя абгавораныя ўмовы: напрыклад, чалавек павінен перадаць атрыманыя веды іншым актывістам, правесці семінар ці трэнінг, ці выкарыстоўваць іх на практыке: збіраць подпісы, развіваць і прасоўваць адмысловыя групы ў сацсетках, займацца арганізацыяй грамадскай і праваабарончай дзейнасці. Калі правесці аналіз анонсаў, магчыма заўважыць, што выключна азнаямленчых мерапрыемстваў вельмі няшмат. Калі б усе людзі, якія прайшлі замежныя паездкі грамадска-палітычнай тэматыцы, па вяртанні ў Беларусь пачалі б займацца актыўнай дзейнасцю, то, безумоўна, гэта каардынальна змяніла сітуацыю ў краіне.

Нажаль, варта прызнаць, што ў большасці ўдзельнікаў падобных мерапрыемстваў вельмі кароткая памяць. Яны хутка забываюць інфармацыю, якую ім расказвалі трэнеры і лектары замежжа. Яны не лічаць сябе абавязанымі грамадскім арганізацыям, а толькі працягваюць падаваць заяўкі на іншыя мерапрыемствы. Гэта прыкмета спажывецкіх адносінаў, але ніяк не грамадскага актывізму, таму што актывізм не можа вымярацца ў паездках за кардон на семінары, у колькасці набытых рэчываў, “халяўных” візаў і выпітых бутэльках піва. Актывізм вымяраецца ў дзеяннях, ва ўдзеле чалавека ў грамадска-палітычным, праваабарончым (экалагічны актывізм, правы чалавека, абарона правоў жывёлаў) жыцці ўнутры краіны. Як мне сказаў калісьці адзін кіраўнік палітычнай партыі: мы адпраўляем людзей на семінары за мяжу, а па вяртанні яны нічога не робяць і ўсяляк ухіляюцца ад грамадска-палітычнага жыцця.

Скажу больш, некаторыя людзі ўступаюць у палітычныя арганізацыі і партыі менавіта для таго, каб падарожнічаць бескаштоўна, уступаюць не ў адну арганізацыю, а ў мноста (хочацца падарожнічаць часцей), а некаторыя непрыстойныя таварышы кідаюцца ў п’янства па прыездзе на семінар. Як гэта зручна – паехаць на халяву ў замежжа, заняцца шопінгам, адпачыць і (Sic!) атрымаць бескаштоўную візу для іншых падарожжаў.

З іншага боку, многія актывісты ўходзяць з арганізацый, маральна выціснутыя за гады грамадскага жыцця. Назіраецца маральнае выгаранне людзей – і такіх прыкладаў я ведаю дастаткова. Ім на змену не прыйдуць тыя, хто займаецца спажываннем паслугаў трэцяга сектара. Партыі і грамадскія аб’яданні ператвараюцца ў сацыяльныя турагенцтвы, якія часцяком не бяруць плату за туры. Канешне, з гэтай з’явай трэба змагацца, так як яна знішчае трэці сектар, расплоджваючы “псеўдаактывістаў”.

Спадзяюся, гэты артыкул прачытаюць кіраўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый, зробяць вынікі і пачнуць змагацца са спажывецкімі адносінамі ў сваіх шэрагах. 

Аўтар: Аляксандр Ш.