Швейцарскі банк Credit Suisse апублікаваў вынікі даследавання адносна дабрабыту жыхароў еўрапейскага кантынента.

У банку параўналі «дабрабыт» сярэднестатыстычнага дарослага жыхара кожнай еўрапейскай краіны, адштурхоўваючыся ад рэальных індывідуальных паказчыкаў даходаў насельніцтва. Паводле азначэння Credit Suisse, дабрабыт – гэта сума ўсіх фінансавых і нефінансавых актываў «мінус» даўгавыя абавязацельствы. У выніку цалкам ашаламляльны вынік па гэтаму крытэру прадэманстравала Швейцарыя, дзе сярэдняе багацце дарослага жыхара ацэньваецца ў 576 тысяч даляраў.

Сціплей паказчыкі ў Ісландыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Швецыі і Люксембурга – разам са Швейцарыяй яны сталі адзінымі еўрапейскімі краінамі з узроўнем дабрабыту вышэй эквівалента ў 300 тыс. даляраў. Украіна апынулася ў дыяметральна процілеглым канцы спісу, заняўшы апошні радок з паказчыкам дастатку насельніцтва ў бездапаможных (асабліва на фоне Швейцарыі) 1437 даляраў.

Трохі лепш сітуацыя выглядае ў Беларусі – 1551 даляр, а трэцяе месца з канца з даволі вялікім адрывам ад «дна» займае Малдова – 3104 даляра на чалавека. Гэтыя тры постсавецкія краіны ў Credit Suisse характарызуюць як «бедныя». Праўда, у банку ўдакладняюць, што пры правядзенні даследавання ім давялося працаваць з не вельмі якаснымі дадзенымі па краінах з Усходняй Еўропы, з-за чаго абсалютныя лічбы дастатку іх жыхароў могуць быць недакладнымі.

 

Арыгінал тут.