Экс-кандыдат у прэзідэнты паспеў патэлефанаваць жонцы са свайго чэшскага нумара ўжо з кабінета памежнікаў.

«Вяртаюся ў Беларусь. Шмат разоў казаў, што вярнуся ў Беларусь адразу, як выпусцяць асноўных палітзняволеных (думаў пра Бяляцкага і Статкевіча). Яны на свабодзе. Перасякаю мяжу Беларусі, ведаю, што мяне арыштуюць, бо застаюся апошнім абвінавачваным па справе аб «масавых беспарадках» 2010 года, якую Следчы камітэт адмаўляецца зачыняць», — напісаў ён у фэйсбуку а 8.25 з Літвы.

А ўжо а 9.00 з'явілася паведамленне, што Міхалевіча затрымалі на мяжы. Афіцыйна ён заставаўся ў вышуку па справе аб «беспарадках» 19 снежня 2010 года, хоць справы супраць астатніх фігурантаў, якія атрымалі палітычны прытулак за мяжой, даўно былі спынены. Выказвалася меркаванне, што так Міхалевічу помсціў КДБ за выкрыцці катаванняў у турме Камітэта ў Мінску.

Цягнік Вільня—Мінск мае прыбыць у Мінск а 10.30. Апошняе паведамленне ад Алеся прыйшло, калі ён знаходзіўся на пашпартным кантролі ў Гудагаі.

Аб затрыманні паведаміла яго жонка Мілана ў фэйсбуку. Ён паспеў патэлефанаваць жонцы са свайго чэшскага нумара ўжо з кабінета памежнікаў. «Я ўжо затрыманы, ужо ў кабінеце памежнікаў, усё, больш не магу гаварыць», — сказаў ён ёй. Мілана сказала «Нашай Ніве», што вярнуцца было цвёрдым і прынцыповым рашэннем Алеся. Яна не бярэцца прагназаваць, як будзе далей развівацца сітуацыя. 

Арыгінал тут.