У агучаныя ўладамі вынікі ніхто не верыць. Пра гэта заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і былы палітвязень Алесь Бяляцкі, выступаючы на канферэнцыі «Варшаўскі дыялог для дэмакратыі», арганізаванай МЗС Польшчы.

«Распад СССР прадаўжаецца дагэтуль, – сказаў ён. – Менавіта цяпер вызначаецца лёс краін Усходняй Еўропы. Грамадзянская супольнасць у постсавецкіх дзяржавах адыгрывае ўсё больш значную ролю. Мы гэта ўбачылі два гады таму на прыкладзе Украіны. Вызначальную ролю ў змене сітуацыі, у рэвалюцыі, якая адбылася там, адыграла грамадзянская супольнасць. Украіна, Грузія і Малдова выбіраюцца з-пад уплыву расейскага монстра, адстойваючы сваё права на ўласны шлях, на сваю гісторыю, культуру, эканоміку. Грамадзянская супольнасць у Беларусі адчайна супраціўляецца і знаходзіць шляхі для развіцця, нягледзячы на жорсткі аўтарытарны рэжым. На Беларусь махнулі рукой апошнія 20 гадоў у краіне фактычна нічога не мяняецца, сітуацыя з правамі чалавека ўсё пагаршаецца. Але нядаўняя Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч сведчыць пра тое, што нават заціснуты ў цісках аўтарытарызму свабодны дух беларускіх інтэлектуалаў можа ўразіць увесь свет.

Незалежнасць постсавецкіх дзяржаў захоўвае еўрапейскую перспектыву для іх і выклікае найбольшую агрэсію з боку Расеі. Яна прымае розныя формы не толькі ваеннае ўварванне або з'яўленне «зялёных чалавечкаў». Гэта і паўзучая агрэсія праз палітычны, эканамічны і рэлігійны ўплыў, праз поп-культуру і школу, праз медыі. У такой сітуацыі Лукашэнка не з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, бо і ён, і Пуцін заўсёды выступаюць разам, нягледзячы на дробныя рознагалоссі. У такіх бандах людзі ніколі не давяраюць адзін аднаму, але тым не менш робяць агульную справу. Лукашэнка і Пуцін разам ствараюць канструкцыю ЕАЭС, якая з'яўляецца процівагай Еўрапейскаму Звязу, падмацоўваючы яе вайсковымі саюзамі».

Алесь Бяляцкі закрануў і тэму нядаўніх так званых «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі. Ён заявіў, што ў грамадстве існуе «каласальны недавер» да іх.

«Нядаўнія «выбары» ў Беларусі сталі масавым прыніжэннем годнасці,  падкрэсліў праваабаронца.  Не было ніякіх зменаў ні ў заканадаўстве, ні ў механізме правядзення галасавання. Студэнтаў, настаўнікаў, дактароў, вайскоўцаў гналі на датэрміновыя «выбары». Выбарчыя механізмы імітавалі падлік галасоў, напраўду галасы не лічылі. Лукашэнку напісалі 83,5%, але ў гэтыя лічбы ніхто не верыць. Вынікі выбараў былі, безумоўна, сфальсіфікаваныя. Гэта не выклікала масавых пратэстаў, бо ў беларускім грамадстве высокі ўзровень страху».

Са словаў Алеся Бяляцкага, Лукашэнка выкарыстоўвае выгадную геапалітычную сітуацыю і дамагаецца скасавання палітычных санкцый, уведзеных раней супраць яго і беларускіх чыноўнікаў. Праваабаронца заклікаў ЕЗ не верыць дыктатару.

Поўны матэрыял тут.