28 і 29 лістапада 2015 г. пад Мінскам праходзіла агульнапартыйная канферэнцыя рабочай групы «Жанчыны БСДП». Сярод удзельнікаў былі і актывісткі #MSDMH.

У канферэнцыі ўдзел узялі прадстаўніцы рэгіянальных рабочых груп, а таксама сябры Прэзідыума БСДП (Грамада). Усяго прысутнічала амаль сорак чалавек. 

Сабраных прывітала старшыня Грамады Ірына Вештард. Мадэратаркай канферэнцыі абралі Марыю Рудакоўскую, сакратаркай – Вікторыю Пашкоўскую.

Пад кіраўніцтвам каардынатаркі праекту «Гендэрны маршрут» Ірыны Саламацінай адбыўся ажыўлены абмен думкамі аб дэклараванай у нашай краіне роўнасці мужчын і жанчын і фактычным стане рэчаў. Закраналіся, у прыватнасці, такія пытанні, як гвалт у сям’і, працоўная дзейнасць жанчын і роля жанчыны ў сям’і.

У другой палавіне першага дня канферэнцыі яе ўдзельніцы і ўдзельнікі працавалі над тэкстам Рэгламенту рабочай групы «Жанчыны БСДП».

Як вядома, у наступным годзе адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ. Таму натуральна, што другі дзень канферэнцыі пачаўся з абмеркавання пытання аб жаночым мэседжы кандыдатам у дэпутаты. Гэтае пытанне асвятляла каардынатарка рабочай групы ў Магілёўскай вобласці Алёна Барысава. Было вырашана, што праект мэседжу складуць Каардынацыйная Рада «Жанчыны БСДП» у супрацы з намеснікамі старшыні партыі Ігарам Барысавым і Ганнай Канюс.

Потым адбыліся выбары каардынатаркі рабочай групы. Перад удзельніцамі і ўдзельнікамі канферэнцыі выступілі каардынатаркі рэгіянальных рабочых. Вынікам гэтых выступленняў стала тое, што ў бюлетэнь для таемнага галасавання была ўключана кандыдатура Жанны Семянтовіч, якая і стала каардынатаркай рабочай групы «Жанчыны БСДП».

Пасля выбараў каардынатаркі Марына Гундар прадставіла ўдзельніцам і ўдзельнікам праект «Мэты 2016– 2018», а Ганна Канюс гаварыла аб удзеле жанчын у выбарчых кампаніях. Затым адбылася праца удзельніц і ўдзельнікаў канферэнцыі ў чатырох групах, па выніках якой быў акрэслены план працы рабочай групы «Жанчыны БСДП» на бліжэйшыя два гады. Дапрацаваць гэты план даручана Каардынацыйнай Радзе.

 

Арыгінал тут.